Атака на востраў Зьмяіны

Мапа
Ракетны крэйсэр «Масква».

Атака на востраў Зьмяіны адбылася 24 лютага 2022 году на востраве Зьмяіны падчас уварваньня Расеі ва Ўкраіну ў 2022 годзе.

Востраў Зьмяіны — невялікая выспа за 50 кіламетраў ад паўднёвага берага Украіны ў Чорным моры. У жніўні 2021 году прэзыдэнт Украіны Ўладзімер Зяленскі арганізаваў прэс-канфэрэнцыю на востраве Зьмяіным, падчас якой сказаў: «Гэта невялікая выспа, як і рэшта нашай тэрыторыі, — украінская зямля, і мы будзем яе абараняць з усіх сіл»[1].

24 лютага 2022 у першы дзень расейскага ўварваньня ва Ўкраіну Дзяржаўная прыгранічная служба Ўкраіны каля 18:00 па мясцовым часе заявіла, што востраў з абеду атакуюць расейскія вайсковыя караблі. Ракетны крэйсэр «Масква» і патрульны карабель «Васіль Быкаў» пры падтрымцы штурмавых верталётаў абстрэльвалі выспу са сваіх палубных гармат.

Калі расейскі вайсковы карабль зьвярнуўся да ўкраінскіх памежнікаў на высьпе і зажадаў, каб яны здаліся, яны адказалі: «Русский военный корабль, иди нахуй». Запіс вымогі і адказу першым апублікаваў украінскі дзяржаўны чыноўнік Антон Герашчанка, а пасьля пашырыла «Ўкраінская праўда».

Адзін украінскі жаўнер вёў трансьляцыю моманту, калі расейскі карабель адкрыў агонь[2].

Позна ўвечары Дзяржаўная прыгранічная служба Украіны паінфармавала, што страціла сувязь з востравам.

Апоўначы паводле мясцовага часу чыноўнікі абвясьцілі, што расейскія сілы занялі востраў пасьля бамбаваньня з мора і паветра, якія зьнішчылі ўсю інфраструктуру на высьпе.

Усе трынаццаць украінскіх памежнікаў засталіся жывыя. 25 лютага расейскае міністэрства абароны паінфармавала, што на высьпе знаходзілася 82 жаўнеры, якія здаліся дабравольна без ніводных ахвяраў.

Адказ украінскіх памежнікаў на вымогу здацца стаў мабілізацыйным заклікам для ўкраінцаў і іх прыхільнікаў ва ўсім сьвеце. Яго параўноўвалі з тэхаскім Remember the Alamo!

Мэдыі пачалі называць сутыкненьне на востраве «ўкраінскімі Тэрмапіламі».

У ноч з 24 на 25 лютага Зяленскі абвясьціў, што кожны з 13 памежнікаў атрымае званьне Герой Украіны, як ён лічыў, пасьмяротна[2][1].